Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Ажыццявіць мару

8 чэрвеня 2016

Хто ў дзяцінстве не марыў убачыць, дзе працуюць ягоныя бацькі? Такое жаданне рабят ажыццявілі супрацоўнікі Культурна-спартыўнага цэнтра (КСЦ) Мінскага аддзялення. У першы летні дзень шаснаццаць дзяцей чыгуначнікаў адправіліся ў Мінскі вагонны ўчастак.
 
... Набліжаемся да станцыі Багатырова. Тут нас чакаюць «экскурсаводы» - старшыня прафсаюзнай арганізацыі Вера Сямёнава і намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Алена Шандаровіч. Сёння ў іх адказная місія - зразумела і наглядна растлумачыць рабятам, як «жыве» вагонны ўчастак і што тут робяць іх бацькі.
 
Першы кабінет, «які адкрывае» сваю таямніцу, - пакой псіхалагічнай разгрузкі. Заняўшы зручныя месцы, дзеці слухаюць музыку, пад якую бацькі-чыгуначнікі наладжваюцца на працоўны лад. Аднак заседжвацца некалі - спяшаемся далей, бо трэба ўсё паспець агледзець. Шыльда на наступных дзвярах - «Пакой адпачынку», затым на чарзе - гардэробная і зала сходаў.
 
Вывучыўшы адміністрацыйны будынак, адпраўляемся ў транспартны цэх. Тут даведаемся, дзе рамантуюць вагоны - хлопцы ўважліва разглядаюць усе складаныя прыстасаванні. Тэхнічная інфармацыя засвоена - самы час адпачыць. Ідзем у рэкрэацыйную зону - на ўладкаваную супрацоўнікамі прадпрыемства «сцежку здароўя». Такая прагулка - сапраўдны сюрпрыз для дзяцей: ці не на кожнай бацькоўскай працы можна пахадзіць па лесе і пакатацца на арэлях!
 
На гэтым праграма не сканчаецца. У сталовай юных гасцей чакае сытны абед. А тым часам гарэзную кампанію ўжо гатовыя сустракаць праваднікі фірмовага цягніка «Беларусь», які курсуе па маршруце Мінск - Масква. Экскурсію праводзіць начальнік цягніка Уладзімір Бурнос. Як сапраўдныя пасажыры, дзеці займаюць месцы ў вагоне-рэстаране, а асабліва цікаўныя спяшаюцца на кухню, дзе загадчык вытворчасці Дзяніс Канаплёў раскрывае ўсе таямніцы прафесіі кухара. Аказваецца, сярод дзяцей ёсць тыя, хто хоча атрымаць гэтую спецыяльнасць. Чатырнаццацігадовая Ганна Варштат збіраецца стаць поварам-афіцыянтам у вагоне-рэстаране, і аповед пра тое, што сняданкам трэба накарміць чатыры сотні чалавек, яе не палохае. «Як і тата, хачу быць начальнікам цягніка», - падзяліўся сваімі марамі адзінаццацігадовы Уладзіслаў Шамко, і ў гэтым жаданні ён не самотны. Паглядзеўшы, як працуюць бацькі, многія захочуць вярнуцца сюды ўжо дарослымі.
 
- Сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі і прадпрыемствамі магістралі такія экскурсіі мы праводзім ужо трэці год запар, - адзначае загадчыца сектарам па культурна-метадычнай дзейнасці КСЦ Мінскага аддзялення Анжаліка Лявонава. - З аднаго боку, так мы вырашаем прафарыентацыйныя задачы, з другога - даем дзецям магчымасць зразумець, дзе працуюць бацькі і чым іх праца важная для грамадства. У нашым мерапрыемстве ўжо паўдзельнічалі сем арганізацый, многія з іх - нават па некалькі разоў.
 
Знаёмства з Мінскім вагонным участкам падышло да канца, але свята дзяцінства прадоўжылася. У сталічным Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў хлопцы з дапамогай фарбаў, пластыліну і алоўкаў распавялі пра свае ўражанні ад паездкі, павесяліліся ў гульнявой зоне і атрымалі шмат станоўчых эмоцый, пабываўшы на спектаклі «Выкрадальнікі сноў».
 
Кацярына ОСОВСКАЯ
 
Да спісу навін за 2016 год