Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

1 месца ў дарожным фестывалі «Клуб вясёлых чыгуначнікаў»

15 снежня 2017

Корпоративные новости, Молодежная политика
 
Традыцыя завяршаць год фестывалем «Клуб вясёлых чыгуначнікаў» на магістралі не новая. Але 2017-ы - юбілейны для Беларускай чыгункі, таму і тэма выступленняў была максімальна набліжана да гэтай знакавай падзеі. Мабыць, столькі віншаванняў у адным месцы і ў такой арыгінальнай форме на адрас імянінніцы яшчэ не гучала. Кожная з шасці каманд да творчага спаборніцтва падышла адказна, з крэатывам.
 
Права адкрыць спаборніцкую праграму выпала прадстаўнікам Брэсцкага аддзялення - камандзе «Заходні экспрэс». У конкурсе «Візітная картка» яны распавялі пра сябе, наладзілі гледачоў і журы на гумарыстычны лад. Прадставілі анонс магчымых гумарыстычных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею чыгункі: «Гонкі на пуцевымяральных калясках» (конкурс для дэфектаскапiстаў), «Знайдзі фазу» (змаганне электраманцёраў). Прапанавалі таксама адкрыць у будынку адной з станцый буфет, у якім будуць нетрадыцыйныя стравы чыгуначнай кухні - «Дзічына, смажаная на провадзе па-энергадыспетчарскi», мінеральная вада «Сляза рэвізора». Было шмат мініяцюр, нават прагноз надвор'я ад штатнага сіноптыка аднаго з падшэфных сельгаспрадпрыемстваў.
 
Працягнулі весяліць «Паўднёўцы» з Гомельскага аддзялення. У іх арсенале былі і жарты, і песні, і мініяцюры. Каманда «Мінскi час» паказала, як няпроста расійскім турыстам даводзіцца на беларускіх чыгуначных вакзалах. Вось сюжэт адной з мініяцюр:
- Ну, накшталт гэтая платформа.
 Па гучнагаварыцелі: «Цягнік рэгіянальных ліній эканомкласа адыходзіць з другога пуці другой платформы».
- З якога «другога»? Як мы даведаемся, з якога менавіта?
 
«Альтруісты без стажу» з Віцебска жартавалі пра многае, у тым ліку закранулі і чыгуначныя дынастыi:
- Вось, дачушка, тата твой - чыгуначнік, мама - чыгуначніца. Дзядуля з бабуляй таксама былі чыгуначнікамі. І ты будзеш чыгуначнікам!
- Але чаму, тата?
- Сурочыў нас нехта!
 
У літаратурным конкурсе «БРЫЗ» удзельнікі прадстаўлялі свае рацыяналізатарскія вынаходкі. І за імі далёка хадзіць не прыйшлося.
 
Спецыяльна да 155-годдзя магістралі госці са сталіцы прыадчынілі асабістыя дзённікі правадыроў.
«15 снежня, 19.00 - цягнік крануўся, як мой былы ад усведамлення таго, што страціў. 19.30 - сабраў з усіх пасажыраў па 1,5 рубля за камплекты пасцельнай бялізны. Адчуваю сябе сакратаром пярвічкі. 22.00 - іду па праходзе з кошыкам прадуктаў. Адчуваю сябе Чырвонай Капялюшыкам ... »
 
Завяршальным, але і самым працяглым па часе стаў конкурс "Музычнае хатняе заданне». Тут удзельнікі далі волю сваім фантазіям. «Паўднёўцы» зладзілі імправізаваную праверку гатоўнасці да Еўрапейскіх гульняў Гомельскага чыгуначнага вакзалу. Паказалі, як будуць сустракаць гасцей розных узроўняў. Так, да візіту міністра на Прывакзальнай плошчы ажывуць нават бронзавыя скульптуры.
Каманда «Мінскi час» паказала тэатралізаваную пастаноўку аб падрыхтоўцы да юбілею дарогі, праспявала песню пра стальную магістраль сумесна з зоркамі Інтэрнэту.
 
Фестываль атрымаўся на славу. Увесь вечар тут панавала нязмушаная атмасфера. Вялікая адказнасць лягла на журы: выстаўляць адзнакі канкурсантам няпроста. Гумарыст, акцёр і мастацкі кіраўнік тэлевізійнага праекту «Юмарынка», заслужаны артыст Беларусі Яўген Крыжаноўскі адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі артыстаў-чыгуначнікаў. Старшыня журы, намеснік начальніка Беларускай чыгункі Пётр Стоцкi падзякаваў каманды за творчы падыход у выступах. Сустаршыня журы, старшыня Аб'яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Валерый Страмук адзначыў высокі ўзровень мерапрыемства.
 
Інтрыга захоўвалася да апошняй мініяцюры. У выніку па суме набраных балаў з невялікім адрывам ад канкурэнтаў 1 месца заняла каманда Мінскага аддзялення. 2 месца - у «Паўднёўцаў» з Гомеля, 3 месца - у Магілёўскага аддзялення. Спецыяльны прыз ад арганізатара фестывалю ўручылі камандзе Брэсцкага аддзялення. Усе ўдзельнікі гульні атрымалі падарункі.
 
- Шлях да перамогі быў няпросты, - падзяліўся ўражаннямі адзін з лідэраў каманды «Мінскi час» Аляксандр Царыкаў. - Доўгія рэпетыцыі, бясконцыя спрэчкі толькі з'ядналі нашу творчую каманду, у склад якой увайшлі работнікі прадпрыемстваў як Мінскага, так і Аршанскага чыгуначных вузлоў. Асобная падзяка - нашым заўзятарам. Іх падтрымку на сцэне мы вельмі адчувалі, яна натхняла нас!
 
Да спісу навін за 2017 год