Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

Language
Чым Вам дапамагчы?

Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі

Дзіцячая чыгунка

 

Першая ў свеце дзіцячая чыгунка была адкрыта 24 ліпеня 1935 года ў Тыфлісе (Тбілісі). За шэсць перадваенных гадоў у краіне з’явілася больш за 20 дзіцячых чыгунак, адна з якіх была адкрыта ў жніўні 1936 года ў г. Гомелі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны многія дзіцячыя чыгункі трапілі ў зону акупацыі і былі разбураны, прыпынілі сваю дзейнасць амаль усе дарогі ў тыле. Пасля 1945 года частка дзіцячых чыгунак была адноўлена, распачалося актыўнае будаўніцтва новых.

У пасляваенныя гады кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь надавала асаблівую ўвагу выхаваўчай рабоце сярод моладзі. Таму адным з напрамкаў гэтай работы было ўзнаўленне дзіцячай чыгункі. Але аднаўляць дзіцячую чыгунку, якая працавала да вайны ў Гомелі, вырашылі немэтазгодным. І тады было прынята рашэнне пабудаваць новую, у сталіцы рэспублікі - Мінску. 30 верасня 1954 года Пастановай Савета Міністраў БССР на гэтыя мэты былі вылучаны асігнаванні ў памеры амаль пяці мільёнаў рублёў. Ужо восенню 1954 года пачалося будаўніцтва дзіцячай чыгункі. У будаўніцтве дарогі прымалі ўдзел мінскія школьнікі, піянеры, моладзь і, безумоўна, чыгуначнікі Беларускай магістралі. Яны выконвалі земляныя работы, фарбавалі службовыя памяшканні, разбівалі клумбы, саджалі кветкі, устанаўлівалі на дарозе пуцявыя знакі. Тым часам, у гуртках ужо ішла тэарэтычная падрыхтоўка школьнікаў да першай вытворчай практыкі на дзіцячай чыгунцы.

У распараджэнне дзіцячай дарогі былі перададзены прысланы з Эстоніі паравоз 159-232 Падольскага завода, шэсць чатырохвосевых пасажырскіх вагонаў пабудовы Стаўбцоўскага вагоннага дэпо і адна грузавая платформа.

У нядзелю 9 ліпеня 1955 года сотні чыгуначнікаў, мінчан з дзецьмі, гасцей горада прыйшлі на адкрыццё дзіцячай чыгункі. Каля перона станцыі Парк культуры (так называлася тады станцыя Заслонава) стаяў у чаканні адпраўлення цягнік з шасці зялёных вагонаў з паравозам на чале.

Першы намеснік міністра асветы БССР Ф. Н. Казакоў разрэзаў чырвоную стужачку. Так распачаўся рух цягнікоў на дзіцячай чыгунцы.

На момант адкрыцця дарогі было дзве станцыі: Парк культуры і Сасновы бор. Галоўнай, з самым прыгожым вакзалам, стала станцыя Парк культуры. Тут юныя чыгуначнікі вучыліся, праводзілі ўрачыстыя мерапрыемствы, прымалі гасцей. Крыху пазней была пабудавана яшчэ адна станцыя - Піянерская, а ў момант адкрыцця чыгункі на яе месцы быў толькі невялікі драўляны домік.

У 1969-1970 гадах на змену электражазловай сістэме сігналізацыі, якая прымянялася раней, была зманціравана паўаўтаматычная блакіроўка.

У 1971 годзе дзіцячай чыгунцы было прысвоена імя легендарнага партызанскага камбрыга, чыгуначніка Канстанціна Сяргеевіча Заслонава. Тады ж станцыя Парк культуры была перайменавана ў станцыю Заслонава.

23 ліпеня 1987 года ўведзена ў эксплуатацыю аўтаблакіроўка на перагоне і электрычная цэнтралізацыя на станцыях. З гэтага моманту па чыгунцы пачалі курсіраваць два цягнікі са скрыжаваннем па станцыі Піянерская.

У тым жа годзе зроблены капітальны рамонт вакзала станцыі Заслонава, сцены і падлога будынка выкладзены мармурам і гранітам.

Таксама быў атрыманы новы цеплавоз ТУ7А-2782. Рэканструяваны і капітальна адрамантаваны вакзал станцыі Піянерская - плошча будынка павялічана ў два разы, падведзена цэнтральнае ацяпленне.

У перыяд распаду СССР дзіцячыя чыгункі зведалі цяжкасці і знаходзіліся на стадыі закрыцця. Некаторыя з іх спынілі сваё існаванне. Дзіцячая чыгунка дзякуючы ўвазе кіраўніцтва Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі і намаганням работнікаў самой дарогі справілася з цяжкасцямі, у тым ліку і фінансавымі, і выйшла на ўстойлівае развіццё.

Улетку 2008 года быў набыты цеплавоз ТУ7А - 3350. У маі 2009 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага навучальнага цэнтра з профільнымі класамі, камп’ютарным кабінетам і залай гісторыі.

У цяперашні час на дзіцячай чыгунцы ёсць два цеплавозы ТУ7А-2782,ТУ7А-3350 і 12 вагонаў серыі ПВ51, адзін з якіх аснашчаны дызель-генератарнай устаноўкай, прызначанай для асвятлення і ацяплення вагонаў. Усе вагоны абсталяваны сістэмай радыёвяшчання для правядзення музычнага суправаджэння і тэматычных экскурсій.

Дзякуючы ўсім гэтым умовам, а таксама дакладнай і зладжанай рабоце юных чыгуначнікаў, падарожжа на дзіцячай чыгунцы становіцца камфортным і незабыўным.